Выйшаў другі наклад паштовак “Таямніцы старадаўняга Берасця”



Культурны цэнтр “Грунтоўня” выпусціла другі наклад паштовак “Таямніцы старадаўняга Берасця”.

IMG_6499_s

Выявы на 15 паштоўках у наборы адлюстроўваюць архітэктурныя аб’кты, якія існавалі ў Берасці да пераносу горада ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Гэта замак над Бугам, езуіцкі калегіум, Мікалаеўская царква ды цэлы шэраг кляштараў. Усе выявы – гэта стылізаваныя копіі карцін мастачкі Анастасіі Фяцісавай, якія яна выканала яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя.

У новым накладзе паштовак, па словах аўтара ідэі Віктара Клімуса, дапрацаваная якасць адлічбаваных выяў:

– Вельмі цяжка тэхнічна было адлічбаваць старыя алейныя працы, не ўсе яны захаваліся ў арыгінале, некаторыя існавалі ў выглядзе фотаздымкаў плёначных ці дыафільмаў. Мы вельмі доўга выцягвалі па колеру, выцягвалі па насычанасці і другі наклад ён больш якасна зроблены ў плане адлічбоўкі.

Сама Анастасія Фяцісава падкрэслівае, што пры стварэнні серыі працавала з архіўнымі матэрыяламі, таму кожны аб’ект старога Берасця напісаны ёю максімальна рэалістычна.

У культурным цэнтры “Грунтоўня” звяртаюць увагу, што ў продаж наборы не трапяць, але іх можна будзе атрымаць у падаранук або ў якасці ўзнагароджання за добраахвотны ўнёсак на карысць цэнтра.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце