Выйшаў двухтомнік пра сталінскія рэпрэсіі на Аршаншчыне
Гэта вынік шматгадовай працы даследчыка Ігара Станкевіча, які пачаў вывучаць уласны радавод і даведаўся пра трагічныя лёсы цэлага шэрагу сваякоў, з якіх 9 былі расстраляныя ў 1930-я гады менавіта ў Воршы.
На сённяшні дзень мартыралог ягонай сям’і складаецца з прозвішчаў 12-ці расстраляных родзічаў і каля 30-ці рэпрэсаваных іншым чынам – раскулачаных, сасланых, выгнаных з родных хатаў… Цяпер прыйшоў час аддаць даніну памяці гэтым людзям, кажа Ігар Станкевіч:
-Калі я гэта ўсё проста назапасіў, я быў шакаваны. І мне захацелася ўшанаваць памяць сваіх продкаў. Кніжка выйшла ў двух тамах, я ад пачатку нават не чакаў, што атрымаецца такі аб’ём! Цяпер я размяшчу яе на нашым сайце kobylaki.by, каб людзі маглі гэта ўсё бачыць, чытаць. Можа, нехта знойдзе там сваіх сваякоў.
Некалькі гадоў таму Ігар Станкевіч стварыў адмысловую ініцыятыву, абʼяднаўшы сваякоў і нашчадкаў тых, каго расстралялі ў Воршы падчас сталінскіх рэпрэсій. Гэтыя людзі распавялі даследчыку і ўласныя сямейныя гісторыі, якія таксама трапілі ў двухтомнік „Всех поимённо назвать”. Імёны і прозвішчы расстраляных і рэпрэсаваных іншым чынам, іхныя фотаздымкі і арыгінальныя дакументы складаюць увесь другі том выдання. А ў першым чытачы змогуць пазнаёміцца з гісторыяй стварэння мемарыяла на Кабыляцкай гары пад Воршай, дзе ў 1982-м годзе знайшлі парэшткі расстраляных, даведацца пра асобныя лёсы гэтых людзей, а таксама пра лёсы тых, хто пісаў даносы або катаваў бязвінных грамадзянаў, якіх «чорны варанок» прывозіў у аршанскую турму.
Беларускае Радыё Рацыя