Выйшаў каляндар пра знакамітых слонімцаў
У Менску накладам 1000 асобнікаў выйшаў з друку прыгожы насценны каляндар “Знакамітыя людзі Слонімшчыны” на 2016 год.
Каляндар падрыхтавалі слонімскія хлопцы: грамадскі актывіст, педагог Алесь Масюк і літаратар, гісторык, журналіст Сяргей Чыгрын.
На календары адлюстраваны партрэты 16 знакамітых людзей Слонімшчыны: Леў Сапега, Міхал Казімір Агінскі, Міхал Валовіч, Кандрат Лейка, Гальяш Леўчык, Сяргей Дарожны, Язэп Стаброўскі, Антон Валынчык, Янка Бялькевіч, Анатоль Іверс, Васіль Супрун, Мікола Арочка, Уладзімір Сакалоўскі, Алег Лойка, Янка Саламевіч, Мікалай Варвашэвіч.
Па словах Сяргея Чыгрына, “на календары мы маглі б надрукаваць і дзесяткі іншых вядомых асобаў слонімскай зямлі, але абмежаваліся пакуль толькі гэтымі слонімцамі. Магчыма, з цягам часу выпусцім перакідны каляндар, дзе прыгадаем усіх вялікіх людзей Слонімшчыны”.
Акрамя фотаздымкаў, на календары змешчаны і кароткія біяграфіі гэтых людзей, дзе паведамляецца, які след у гісторыі Беларусі яны пакінулі.
Календарамі “Знакамітыя людзі Слонімшчыны” будуць узнагарожвацца жыхары Слоніма і раёна падчас розных конкурсаў, віктарын і сустрэч.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім