Выйшаў на свабоду паэт Дзмітрый Строцаў



Вядомы беларускі расейскамоўны паэт Дзмітрый Строцаў выйшаў на волю ў Жодзіне. Ён адседзеў 13 сутак. Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведамілі яго родныя.

Дзмітрый Строцаў знік раніцай 21 кастрычніка.

– Мы з Змітром рассталіся недалёка ад дома прыкладна ў 11. Пасля гэтага з ім нікому не ўдалося звязацца. Па працы ні з кім на сувязь не выйшаў. Усе тэлефоны маўчаць… Заяву падалі. Чакаем, – напісала яго жонка Ганна.

Увечары 21 кастрычніка яго дачка паведаміла, што прозвішча Строцаў з’явілася ў спісе затрыманых Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Як паведаміла адзін з кіраўнікоў Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Недбай, 22 кастрычніка Строцаў быў асуджаны на 13 сутак.

Строцаў неаднаразова ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, якія праходзяць пасля выбараў, і актыўна выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю.

„Фармальна мне прад’явілі фрагмент відэа, дзе я ўдзельнічаю ў шэсці 4 кастрычніка. Паколькі ж мяне дапытвалі ў КДБ, то ёсць здагадка, што інтарэс быў больш шырокі. Але канкрэтных размоў пра мае іншыя «правіннасці» не было”, – паведаміў па выхадзе з турмы Строцаў журналісту „Нашай Нівы”.

Дзмітрый Строцаў – адзін з лепшых рускамоўных паэтаў Беларусі. Аўтар кніг «38», «Виноград», «Лишние сутки», «Остров Це», «Бутылки света», «Газета» і «Шаг».

news.tut.by