Выйшаў новы беларускамоўны пераклад „Новага Запавету”
Да 500-годдзя выдання Бібліі Францішка Скарыны, які будзе адзначацца ў 2017, выйшаў новы пераклад „Новага Запавету” і „Прыпавесці Саламона” па-беларуску ў адной кнізе.
Гэтае выданне было прэзентавана ў Гародні ўдзельнікам курсаў „Мова Нанова Гародня”, з якім пазнаёміў пісьменнік і выдавец Аляксей Шэін:
– Перакладчыкам з’яўляецца пастар менскай Царквы хрысціян веры евангельскай Антоній Бокун, перакладаў ён з арыгіналаў – са старагрэцкай ды іўрыта. Наколькі можна ўбачыць тэкст, то ў гэтай кнізе ёсць спроба зрабіць сінтэз такіх дзвюх перакладных традыцый, скажам так, дзвюх традыцый транслітэрацыі імёнаў у заходняй традыцыі і ва ўсходняй.
Гэтай кнігай пачалася агульнанацыянальная кампанія: „Пяцісотгоднасць”, якую праводзіць грамадска-культурніцкая кампанія „Будзьма Беларусамі”.
Як мяркуе Аляксей Шэін, гэтая кніга з’яўляецца спробай стварэння такога тэксту, які б быў прымальным для хрысціян розных канфесій.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня