Выйшаў новы нумар „Гарадзенскага гадавіка-2019”
У межах гістарычнага тыдня ў Цэнтры гарадскога жыцця адбылася прэзентацыя «Гарадзенскага гадавіка-2019», якая сабрала аўтараў выдання і зацікаўленых гісторыяй гарадзенцаў. Пра адметнасць нумара, які рыхтаваўся два апошнія гады распавядае яго рэдактар, прафесар, доктар гістарычных навук Юры Гардзееў:
– Падзялілі гэта нібыта на такую чыста гістарычную частку, дзе былі артыкулы Мечыслава Супруна і Аляксандра Перагудава, менавіта пра ХVI стагоддзе, пра вельмі важныя крыніцы па гісторыі горада. Потым другая частка – гэта ахова спадчыны, тут артыкул Наталлі Сліж пра тое, як выглядае гэтая ахова ў Злучаных Штатах Амерыкі, і звяртаю ўвагу на артыкул Ігара Трусава, які менавіта распавядае, як у апошнія 3-40 год выглядала сістэма рэстаўрацыі і аховы помнікаў у нашым рэгіёне, у нашым горадзе. Канешне, гэта такая тэма, якой можна прысвяціць цэлую манаграфію.
На думку рэстаўратара і гісторыка архітэктуры Ігара Трусава, яго праца паказвае 30 год беларускай рэстаўрацыі ў Гародні:
– Тэкст гэты фактычна па гісторыі аховы помнікаў, рэстаўрацыі ў Гародні дзесьці з 80-х гадоў і да гэтай пары. Калі я трыццаць з нечым год працаваў у гэтай сістэме, то было пра што распавесці і плюс карцінкі, верагодна. Увогуле ўсе арганізацыі, якія гэтым займаліся, гэта і ахова помнікаў, і разнастайныя рэстаўрацыйныя канторы. Прыкладна так гэта ўсё. І, натуральна, людзі, якія ў гэтым працавалі.
Нумар «Гарадзенскага гадавіка-2019» магчыма замовіць у прадстаўнікоў Цэнтра гарадскога жыцця.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча