Выйшаў перакідны краязнаўчы каляндар Гарадзеншчыны
У Гародні выйшаў з друку беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар на 2018 год. Ён падрыхтаваны на матэрыяле Гарадзеншчыны. Складальнікам календара з’яўляецца прафесар Аляксей Пяткевіч з Гародні, а рэдактарам – Станіслаў Суднік з Ліды.
Новы каляндар – дзевяты па ліку. Падобных календароў не мае ніводная вобласць Беларусі. І выдаецца ён, дзякуючы Аляксею Пяткевічу і Станіславу Судніку – таленавітым і вядомым людзям у нашай рэспубліцы, якія шмат робяць дзеля развіццця нацыянальнай культуры і літаратуры.
У календары пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі.
Каляндар з’яўляецца пэўным крокам у развіцці гарадзенскага краязнаўства, паколькі нацэльвае краязнаўцаў з Гародні і рэгіёнаў вобласці на працу па пэўных датах і з пэўнымі людзьмі, якія адзначаны ў календары.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя