Выйшаў першы зборнік вершаў нашаніўскага паэта з Беласточчыны



У Менску ў выдавецтве “Кнігазбор” свет пабачыў першы зборнік вершаў паэта “нашаніўскага” перыяду Янука Дарашкевіча (1890-1943). Зборнік мае назоў “Маркотныя зоркі”. Кнігу вершаў склаў, напісаў прадмову да яго і каментар, а таксама прафінансаваў выданне Сяргей Чыгрын са Слоніма.

daras-vok

З нагоды выхаду кнігі Янука Дарашкевіча Сяргей Чыгрын сказаў, што гэты невялікі зборнічак вершаў адкрывае новае імя ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры “нашаніўскага” перыяду, творчасць якога высока цаніў Максім Багдановіч.

“Янук Дарашкевіч нарадзіўся ў вёсцы Меляшкі на Беласточчыне ў 1890 годзе. А не стала яго ў 1943 годзе. Ён загінуў падчас Другой сусветнай вайны ў Арлоўскай вобласці ў Расіі. У 1909 годзе ў “Нашай ніве” былі надрукаваныя першыя вершы паэта пад псеўданімам В.Каршун. Потым вершы гэтага аўтара рэгулярна друкаваліся ў “Нашай ніве” у 1910-1914 гадах, але пад іншымі псеўданімамі – Янук Д., Янук Д-іч. Вершы Янука Дарашкевіча, што ўвайшлі ў гэту кніжку, паходзяць з розных друкаваных і архіўных крыніц. Асноўныя з іх зберагаюцца ў рукапісным аддзеле Навуковай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, а таксама тыя, якія друкаваліся на старонках “Нашай нівы” у 1909-1914 гадах і ў іншых беларускіх выданнях”, – сказаў Сяргей Чыгрын.

Янук Дарашкевіч з’яўляецца адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Таму выхад першага зборніка вершаў паэта “Маркотныя зоркі” – падзея ў гісторыі беларускай літаратуры.

Барыс Баль. Беларуская Радыё Рацыя. Менск.