Выйшаў трэці нумар „Гадавіка Цэнтра беларускіх студыяў”
Трэці нумар „Гадавіка Цэнтра беларускіх студыяў” выйшаў у Варшаве. Ён прысвечаны гісторыі кнігавыдавецкай справы. Часопіс з’яўляецца плёнам навуковай супрацы 17 удзельнікаў Цэнтра беларускіх студыяў. «Гадавік» утрымлівае гістарычныя матэрыялы, хоць прадугледжаны матэрыялы агульнагуманітарнага характару. Цікавая рубрыка, якая цяпер развіваецца ў «Гадавіку», прысвечаная крыніцазнаўству. Заўважае рэдактар выдання Генадзь Семянчук:
– З радаводам Адама Міцкевіча Зміцер Юркевіч сабраў максімальную колькасць з даступных метрык, што захаваліся: гэта даты народзінаў, шлюбаў і смерці продкаў Адама Міцкевіча. І што цікава, гэтыя матэрыялы дазволілі, на наш погляд, закрыць адну фальшывую, міфатворчую думку, што маці Адама Міцкевіча нібы была з тых жыдоў-франкістаў, а на самой справе яна была прадстаўніцай старадаўняга шляхецкага наваградскага роду і ніякага дачынення да міфаў пра яе жыдоўства няма.
«Гадавік», на жаль, складана пачытаць у Беларусі. На яго пакуль няма падпіскі і адсутнічае электронная версія. Але рэдактар часопіса Генадзь Семянчук спадзяецца, што гэта мусіць быць выпраўлена неўзабаве.
– Мой абавязак і бліжэйшая перспектыва на некалькі месяцаў – у якой форме гэта зрабіць. Можна, канешне, праявіць уласную ініцыятыву і змясціць у сеціве ў форме PDF. Але мне падаецца, што трэба ісці больш афіцыйным шляхам, каб ён атрымаў магчымасць з’яўляцца на сайце Варшаўскага ўніверсітэта або Студыях Усходняй Еўропы. Тут таксама перспектыва стварэння адмысловай старонкі Цэнтра беларускіх студыяў, дзе, натуральна, матэрыялы і будуць змяшчацца.
„Гадавік” выходзіць пакуль на трох мовах: беларускай, польскай, ангельскай. Наступны, чацвёрты, нумар дадасць чацвёртую мову публікацыяў – украінскую. Дарэчы, чацвёрты нумар «Гадавіка», які цяпер на падрыхтоўчым этапе, будзе прысвечаны стагоддзю БНР.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара