Выйшаў з друку альманах “Ад лідскіх муроў”
Свет пабачыў літаратурна-мастацкі зборнік “Ад лідскіх муроў”. Гэта дзявяты выпуск, які ўключае творы літаратараў Лідчыны і творы пра пісьменнікаў Лідчыны. Усе яны былі створаныя аўтарамі на працягу 2016-2019 гадоў.
Зборнік “Ад лідскіх муроў” мае 465 старонак. Пад прыгожай вокладкай надрукаваны творы самых разнастайных жанраў. А на самой вокладцы надрукаваны бюст Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Аўтар бюста Андрэй Заспіцкі. Бюст цяпер захоўваецца ў Лідскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Укладальнікі альманаху пісьменнікі з Ліды Станіслаў Суднік і Алесь Хітрун. Рэдактар выдання Станіслаў Суднік. Ён напісаў і прадмову да выдання ў якой адзначыў, што “праз шмат гадоў, нейкі даследчык зразумее, што менская элітная літаратура і гэтыя рэгіянальныя выданні разам і ёсць яе вялікасць цэльная беларуская літаратура”.
Альманах “Ад лідскіх муроў” пачынаецца з раздзела “Эпас”. Тут надрукаваны творы Вільгельма Пратасевіча, Вітольда Пілецкага, Васіля Струменя, Генаэфа Міхаловіча і іншых вядомых і малавядомых аўтараў.
Шырока прадстаўлена ў альманаху паэзія. І яна вельмі моцная, разнастайная, чытэльная і цікавая. А гэта творы Дануты Бічэль, Уладзіміра Васько, Ірыны Багдановіч, Тадэвуша Чарнавуса, Міхася Мельніка, Станіслава Судніка, Ірэны Сліўко, ды шмат-шмат іншых паэтаў Лідчыны.
Проза ў альманаху парадуе творамі Леаніда Лаўрэша, Смарага Сліўко, Віктара Праўдзіна, Таццяны Сямёнавай, Уладзіміра Васько…
Культработнік Алег Лазоўскі ў раздзеле “Драматургія” знаёміць чытачоў са сцэнаром урачыстага святкавання ў школе 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР. Пра Валянціна Таўлая і яго сям’ю прыгадвае сястра Валянціна Таўлая Ніна Паўлаўна Таўлай-Радзюкевіч ва ўспамінах “Раны сэрца майго”. Алесь Хітрун у альманаху разважае і даследуе элементы тэорыі літаратуры ў творах паэтаў Лідчыны…
Спіс усіх матэрыялаў “Ад лідскіх муроў” можна працягваць доўга. Ладны том твораў пісьменнікаў Лідчыны – яшчэ адна яркая старонка на мапе літаратурнай Беларусі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда