Выйшаў з друку “Беларускі этнаграфічны тлумачальны слоўнік”
У штотыднёвіку “Наша слова” ў 2017 годзе быў надрукаваны этнаграфічны тлумачальны слоўнік, аўтарам якога з’яўляўся этнограф Сымон Барыс. У лістападзе “Беларускі этнаграфічны тлумачальны слоўнік” аўтар выдаў асобнай кнігай за ўласныя сродкі. Але наклад мізэрны – усяго 30 кніг.

Як піша Сымон Барыс, той газетны слоўнік значна дапоўнены. Ён складзены аўтарам на аснове сабраных ім дыялектных запісаў падчас працы ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і быту, вывучэння ім побыту сялян ХІХ і ХХ стагоддзяў, этнаграфічных кніг і тлумачальных слоўнікаў.
Для сучаснікаў, асабліва для тых, хто жыве ў гарадах, шмат слоў з гэтага слоўніка будуць зусім незразумелыя. Таму, пасля дыялектнага слова, у дужках курсівам напісаны рускі адпаведнік гэтага паняцця. Некаторыя тэрміны матэрыяльнай і духоўнай культуры праілюстраваныя фотаздымкамі або малюнкамі. У слоўніку надрукавана каля 3600 паняццяў. Ён вельмі будзе дарэчы супрацоўнікам музеяў, навукоўцам і настаўнікам у школе.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
