Выйшаў з друку двухтомнік Міхася Казлоўскага



Хто такія Раман Семашкевіч, Віктар Казлоўскі, Мікалай Грышкевіч, Пётр Зяновіч, Адам Більдзюкевіч, Мікола Ільяшэвіч, Уладзіслаў Чарняўскі, Віктар Шутовіч, Тодар Куніцкі, Вольга Таполя, Сяргей Сахараў і дзясяткі іншых асобаў Беларусі? На гэта пытанне вы зможаце адказаць толькі тады, калі прачытаце ўнікальны двухтомнік артыкулаў, эсэ, літаратурных партрэтаў, бібліяфільскіх нататкаў і ўспамінаў даследчыка нашай літаратуры і культуры Міхася Казлоўскага з Маладэчна. Двухтомнік мае адну назву “Пад сузор’ем веры і надзеі”.  Ён пабачыў свет у менскім выдавецтве “Кнігазбор”.

Падобнага двухтомнага выдання ў Беларусі даўно не выдавалася. Але гэта не проза ці паэзія, а змястоўныя артыкулы-даследаванні, літаратурныя партрэты знакавых, ды забытых дзеячаў беларускай культуры, якія пражылі дастойнае, але трагічнае жыццё ў неспакойным ХХ стагоддзі, гісторыя родных аўтару мясцін і нараджэнне беларускага бібліяфільства, ліставанне вядомых беларускіх літаратараў і краязнаўцаў. Шырока і грунтоўна апісана жыццё і дзейнасць вядомага заходнебеларускага грамадскага і культурнага дзеяча Адольфа Клімовіча (1900-1970).

Упершыню чытачы даведаюцца з двухтомніка Міхася Казлоўскага пра лёс бібліятэкі і архіва генерала Кастуся Езавітава, пра мастакоў і бібліятэчку часопіса “Узвышша”, пра беларускія выданні ў ковенскай Летуве, пра Дзвінскія беларускія выданні, пра беларускае таварыства бібліяфілаў у БССР і шмат-шмат пра што іншае.

“Пад сузор’ем веры і надзеі” Міхася Казлоўскага – своеасаблівы даведнік пошукаў і знаходак, адкрыццяў і памяці пра забытых беларусаў, пра кнігі і падзеі.  

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя