Выйшаў з друку “Лідскі летапісец”
Хоць са спазненнем, але пабачыў свет апошні нумар за мінулы год папяровага часопіса “Лідскі летапісец”. Як і мінулыя нумары, ён даволі багаты і разнастайны на самыя цікавыя матэрыялы.
На першых старонках часопіса надрукаваны інфармацыйныя матэрыялы з жыцця Лідчыны. А таксама піша выданне пра калекцыю срэбраных прадметаў, пакрытых пазалотай, якую знайшлі ля вёскі на поўнач ад Ліды. Гэта рэчы, якія, верагодна, пакінулі па сабе готы: вайсковыя трафеі, вырабленыя на тэрыторыі позняй Рымскай імперыі: у ІІ-IV стагоддзях нашай эры. Калекцыя прадметаў была знойдзеная так званымі „чорнымі капальнікамі” некалькі год таму. Зараз артэфакты знаходзяцца на тэрыторыі Еўразвяза ў прыватнай калекцыі. Уласнік дазволіў адфатаграфаваць і апісаць рэчы, але не збіраецца ў найбліжэйшай перспектыве вяртаць іх у Беларусь.
Праблема ў тым, што не ўсе прадметы ўдалося захаваць. Апроч срэбраных рэчаў, капальнікі знайшлі некалькі залатых прадметаў, якія… здалі на лом каштоўных металаў. Гучыць жудасна, але атрымалася менавіта так. Апроч гэтага, быў знойдзены срэбраны дэнарый Марка Аўрэлія (імператар Рыма ў 161-180 гадах). Ён застаўся на руках у асобаў, якія знайшлі скарб…
Паведамляе часопіс і пра вынікі 5-га конкурсу імя Веры Навіцкай „Дарослыя дзецям”, дзе была прадстаўлена другая кніга з тэтралогіі Веры Навіцкай пра Марусю Старабельскую. Кніга называецца „Вясёлыя будні. З дзённіка гімназісткі”. Выдадзена яна абмежаваным накладам у прыватным прадпрыемстве „Пружмень” у перакладзе і пад рэдакцыяй Станіслава Судніка.
Шмат старонак у часопісе адведзена Вандаліну Шукевічу, Якубу Коласу і Лідчыне, Станіславу Ушакевічу, Тадэвушу Чарнавусу, Раману Залускаму і іншым лідзянам.
Цікавыя матэрыялы напісалі Станіслаў Суднік і Леанід Лаўрэш пра аднаўленне Лідскай ратушы, пра Лідскія прывілеі ў архіве Лідскага магістрата 1785 года, пра падымны рэестр шляхты Лідскага павета 1728 года, пра Шымку Мацкавіча, яго нашчадкаў і перадумовы будаўніцтва Маламажэйкаўскай царквы і шмат іншых.
Беларускае Радыё Рацыя