Выйшаў з друку наваградскі літаратурны альманах “Стольны град”
У Лідзе выйшаў з друку другі выпуск наваградскага літаратурнага альманаха “Стольны град”. Уклала альманах наваградская паэтка Святлана Абдулаева пад рэдакцыяй Станіслава Судніка.
Альманах распачынаецца вершамі таленавітага паэта з Наваградчыны Андрэя Пяткевіча (1966-1995). З паэтычнай спадчынай Андрэя Пяткевіча чытачоў знаёміць Васіль Кузьміч. А вершы Андрэй Пяткевіч пісаў цудоўныя:
Сівы вечар, сіні вечар
Ля парога ціха енчыць.
Смела ты заходзь у хату,
Бо я скінуў з вокнаў краты…
Парадуюць чытачоў лірычныя паэтычныя радкі Святланы Абдулаевай, Зміцера Арцюха, Марыі Быт, Уладзіміра Гайдука, Міхася Зізюка, Васіля Кузьміча і Янкі Паддубіцкага.
З прозай у “Стольным градзе” выступаюць усё той жа Міхась Зізюк і Раіса Крывальцэвіч. Раіса Крывальцэвіч цікава разважае ў сваіх мініяцюрах пра жыццё і восень, бо “хутка настане час астраў – рознаколерных восеньскіх зорак…”.
Па-беларуску загучалі вершы ў альманаху Гаўрылы Шутэнкі, Яраслава Яраша, Уладзіміра Высоцкага, Аляксандра Пушкіна, Валерыя Брусава, Зінаіды Гіпіўс, Максіміліяна Валошына, Уладзіміра Хадасевіча, Юны Морыц, Аляксея Суркова, Іосіфа Бродскага ў перакладзе Уладзіміра Бармуты.
Наталля Кузьміч і Галіна Кавальчук у сваіх даследаваннях распавядаюць пра апавяданні Антона Чэхава і Максіма Гарэцкага, як спробу тыпалогіі мастацкага свету, пра паэтыку апавяданняў Кузьмы Чорнага, пра асаблівасці мастацкага часу ў апавяданнях Галіны Багданавай, а таксама пра лёс храмаў Наваградчыны ў другой палове ХХ стагоддзя.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя