Выйшаў з друку першы каляндар “Скарбы Лідчыны”



Дзякуючы дзяржаўнай установе “Лідскі гісторыка-краязнаўчы музей” і рэдакцыі газеты “Наша слова” у Лідзе заснавана каляндарная серыя “Скарбы Лідчыны”. У гэтай серыі выйшаў з друку першы каляндар на 2022 год. Ён прысвечаны заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі мастаку Уладзіміру Мурахверу (1931-2017).

Уладзімір Мурахвер нарадзіўся на Украіне. Скончыў Ташкенцкае мастацкае вучылішча, Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя Мухінай па спецыянальнасці “Мастацкая кераміка, мастацкая апрацоўка шкла”. У 1959 годзе Уладзімір Мурахвер пераехаў у горад Бярозаўку Лідскага раёна, дзе і пражыў усё астатняе сваё жыццё.Творы Уладзіміра Мурахвера знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Гарадзенскім гісторыка-археалагічным музеі Рэспублікі Беларусь, Лідскім гісторыка-мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу (Расея), Дзяржаўным музеі керамікі ў г Кускове (Расея), Музеі шкла г Эбельтофт (Данія), а таксама ў іншых беларускіх і замежных музеях і прыватных калекцыях.

Лідская каляндарная серыя “Скарбы Лідчыны” засноўвана з мэтай папулярызацыі дзеячоў мастацтва і мастацкіх твораў, якія суправаджаюць жыхароў Лідчыны і ўпрыгожваюць іхняе жыццё на працягу сямі стагоддзяў. Гэта архітэктура, скульптура, жывапіс, манументальнае, сакральнае, прыкладное, інсітнае і тапіярнае мастацтва. На працягу стагоддзяў з Лідчынай былі звязаны многія выдатныя творцы нашай зямлі, тут захоўваюцца ўнікальныя, але мала вядомыя творы мастацтва мінулых часоў. Тут жывуць і працуюць дзясяткі сучасных творцаў. Тут кожны год праходзяць дзясяткі мастацкіх выставаў. Лідскія мастакі далі свету мноства выдатных твораў, з якіх можна сабраць не адзін альбом. Каляндарная серыя мае выступаць пралогам да такіх альбомаў. Каляндарная серыя будзе папулярызаваць і юныя таленты, выкарыстоўваць творы навучэнцаў мастацкіх школ і студыяў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда