Выйшаў з друку першы нумар зборніка “Нясвіжскі ўток”



У Нясвіжы выйшаў з друку першы нумар літаратурна-мастацкага зборніка “Нясвіжскі ўток”. Прадмову да зборніка напісаў рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік, які родам з вёскі Сейлавічы Нясвіжскага раёна.

Нясвіжскі край даволі багаты на таленты. З гэтым краем звязаны прозвішчы Сымона Буднага, Францішкі Уршуля Радзівіл, Уладзіслава Сыракомлі, Адольфа Янушкевіча. У Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі вучыўся бацька Максіма Багдановіча Адам Багдановіч, чатыры гады ў Нясвіжы атрымліваў адукацыю Якуб Колас. У Снове працаваў Янка Купала, Сяргей Новік-Пяюн быў родам з вёскі Лявонавічы, бібліятэка ў Нясвіжы носіць імя Паўлюка Пранузы і шмат хто яшчэ свой лёс звязаў з гэтым цудоўным краем. А цяпер прыйшла чарга, каб “новы нясвіжскі ўток”, які верыцца, як адзначае Станіслаў Суднік, не сапсуе велічны дыван магутнай і несмяротнай беларускай літаратуры, а павялічыць яго і ўпрыгожыць.

У зборніку апублікаваны творы аўтараў, якія жывуць не толькі ў Нясвіжы, але і ў іншых гарадах і вёсках Беларусі. Усе яны родам з нясвіжскай зямлі, усе яны любяць родны край і сваю Беларусь. І пра гэта іх творы. Зборнік складаецца з раздзелаў паэзіі, прозы, перакладаў, літаратуразнаўства і краязнаўства. Сярод аўтараў – Настасся Азарка, Вольга Жэрка, Зоя Кулік, Віктар Трусевіч, Анатоль Бутэвіч, Генадзь Казак, Алесь Стадуб, Валер Дранчук, Валянціна Шчарбакова і дзясяткі іншых.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя