Выйшаў зборнік новай мастацкай прозы Уладзіміра Арлова



Праз досыць значны перапынак выйшаў зборнік новай мастацкай прозы славутага пісьменніка Уладзіміра Арлова.

За апошнія гады пабачыла свет шмат яго кніг, але гэта былі зборнікі эсэістыкі, гістарычных нарысаў і вершаў. Новая кніга прозы выйшла ў выдавецтве “Логвінаў” і 20-га чэрвеня будзе прэзентаваная ў кнігарні гэтага выдавецтва.

Кажа Уладзімір Арлоў:

Я вельмі шчаслівы ад таго, што сёння, 20 чэрвеня, адбудзецца прэзентацыя маёй новай кнігі прозы з трыма аповесцямі. Кніга называецца «Танцы над горадам». Я запрашаю ўсіх, хто любіць танцы над горадам, а ўсе мы ў дзяцінстве былі крыху самнамбуламі. Я запрашаю тых, хто не баіцца чорнага чалавека на зялёнай канапе і дома з дамавікамі, бо так называюцца дзве мае іншыя аповесці. Я чакаю, што на гэтай прэзентацыі выступяць мае калегі і сябры.

У імпрэзе возьме ўдзел рэдактар кнігі Валянцін Акудовіч, а таксама шэраг іншых вядомых пісьменнікаў. Пачатак прэзентацыі а 19-й гадзіне.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя