Выйшаў зборнік пра Ганненскі кірмаш у Зэльве
У Слонімскай друкарні свет пабачыў зборнік артыкулаў “Ганненскі кірмаш. Мінулае, сучаснае, будучае”. У гэтае выданне ўвайшлі артыкулы краязнаўцаў і навукоўцаў Беларусі паводле матэрыялаў навуковых канферэнцый, якія адбываліся падчас правядзення свята Ганненскага кірмашу ў Зэльве ў мінулыя гады. Гэтыя артыкулы прысвечаныя гісторыі ўзнікнення і традыцыям Ганненскага кірмашу ў Зэльве.
Гісторыя гэтага кірмашу бярэ пачатак ў 1501 годзе. Права на правядзенне Ганненскага кірмашу атрымала ўдава былога гаспадара мястэчка Ганна Улініч. У 1720 годзе чарговы такі дакумент быў выдадзены ўжо прадстаўніку роду Сапегаў, да якіх перайшло паселішча. У тыя часы кірмаш славіўся гандлем коньмі. Тады гэта мястэчка знаходзілася на скрыжаванні гандлёвых шляхоў з Усходу на Захад. З эканамічнага пункту гледжання гэта было самае выгаднае размяшчэнне ва ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Улетку, у дзень Святой Ганны, сюды з’язджаліся тысячы купцоў, каб абмяняцца таварам. У сярэдзіне XIX стагоддзя, паводле ацэнак некаторых гісторыкаў, кірмаш у Зэльве быў другім ў Еўропе пасля Лейпцыгскага. Сюды прыязджалі купцы не толькі з Гарадзенскай, але і з Менскай, Віленскай, Віцебскай, Маскоўскай, Камянец-Падольскай, Казанскай губерняў, суседняй Польшчы, Галіцыі і Бесарабіі. Штогод кірмаш наведвалі каля трох тысяч чалавек.
“Новае дыханне” славуты кірмаш у Зэльве атрымаў у 2001 годзе, калі было вырашана, што ўнікальнае свята з магутнымі гістарычнымі каранямі павінна стаць візітоўкай Зэльвеншчыны – адным з самых масавых і жаданых для жыхароў і гасцей раёна. У рамках кірмашу штогод арганізоўваюцца і навукова-практычныя канферэнцыі па праблемах гістарычных каранёў. Лепшыя артыкулы з гэтых канферэнцый і склалі зборнік пра Ганненскі кірмаш. Пра арганізацыю жыцця сялян ва ўладаннях Сапегаў у канцы XVIII стагоддзя (сялянскія суды і абавязкі дзясятнікаў) распавядаюць гісторыкі Валянцін Голубеў і Аляксандр Доўнар, а Сяргей Токць і Павел Токць цікава напісалі пра рынкавыя плошчы Зэльвы ў часы Сапегаў, пра Францішка Сапегу згадвае і Валерый Бялы, пра Марыю Патоцкую напісаў гісторык Андрэй Кіштымаў, а Генадзь Праневіч разважае пра Сапегаў у культуры і гістарычным лёсе Беларусі. Краязнавец з Ваўкавыска Мікалай Быхаўцаў напісаў пра архіўныя знаходкі Ганненскага кірмашу і шэраг іншых каштоўных артыкулаў, звязаных з гісторыяй Ганненскага кірмашу і, наогул, з гісторыяй Зэльвеншчыны, зменшчаны ў зборніку “Ганненскі кірмаш. Мінулае, сучаснае, будучае”.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва