Выйшла кніга пісьменніка, які двойчы быў рэпрэсаваны
Упершыню за апошнія амаль 80 гадоў выйшла з друку літаратурная спадчына беларускага паэта, празаіка, драматурга, вязня сталінскіх лагераў Тодара Лебяды (1914-1970).
Ён двойчы быў рэпрэсаваны, два тыдні ў камеры-адзіночцы чакаў расстрэлу, двойчы вяртаўся з ГУЛАГу на Бацькаўшчыну, ён упершыню ў беларускай літаратуры смела і адкрыта паказаў жахі сталінскага тэрору, знішчэнне беларускай нацыі. Імя літаратара цягам многіх дзесяцігоддзяў было забыта і выкраслена з гісторыі беларускай літаратуры. Але час вяртае таленты з небыцця.
Дзякуючы даследчыку нашай літаратуры са Слоніма Сяргею Чыгрыну, вярнулася і літаратурная спадчына Тодара Лебяды. У менскім выдавецтве “Кнігазбор” свет пабачына літаратурная спадчына Тодара Лебяды “Плачуць ліпы на кургане”.
У кнігу Тодара Лебяды Сяргей Чыгрын уключыў малавядомыя і раней невядомыя вершы, п’есы і апавяданні Тодара Лебяды, напісаныя ў розны час. Цікавым раздзелам у кнізе з’яўляецца перапіска Сяргея Чыгрына з дачкой Тодара Лебяды Алай Пятроўнай Козел, якая напачатку 1990-х гадоў у лістах распавядала пра лёс свайго бацькі…
Кніга Тодара Лебяды “Плачуць ліпы на кургане” бліжэйшымі днямі паступіць у менскую кнігарню “Акадэмічная кніга”.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя