Выйшла кніга пра жыццё за першымі саветамі



17-га верасня спаўняецца 80 гадоў, як Беларускі народ быў уз’яднаны пасля шматлікіх гадоў падзелу ў складзе розных краінаў у выніку змовы Рыжскага міру 1921 года. Фрагменты ўспамінаў ста шасці рэспандэнтаў пра тыя падзеі, якія ўзятыя з фондаў онлайн беларускага архіва вуснай гісторыі апублікаваны цяпер у адной кнізе.

Яна выйшла акурат напярэдадні юбілею. Укладальнікам стаў прафесар Алесь Смалянчук, які асабіста ўдзельнічаў у экспедыцыях па зборы ўспамінаў:

– Гэта матэрыялы з тых калекцый, якія ў свой час перадалі ў архіў Ніна Стужынская, Ірына Каштылян, Алеся Белановіч ды іншыя. То бок гэта такая выбарка матэрыялаў пераважна, плюс запісвалі яшчэ ў 2018-2019 гадах адмыслова ўспаміны, датычныя 1939 года і яго наступстваў, таго, як гэта адлюстравалася ў памяці людзей. Кніга, мне падаецца, будзе вельмі цікавая для чытача. Кніга, якая даносіць, можна сказаць, чалавечы погляд. Не канцэптуальны, не ідэалагічны, а проста вось памяць пра тое, як людзі ўспрынялі гэтыя перамены.

Зборнік пад назвай «За першымі Саветамі. Польска-беларускае памежжа (1939-1941) у вусных успамінах жыхароў Беларусі» выйшаў у менскім выдавецтве Змітра Коласа.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя