Выйшла новая кніга Валянціна Акудовіча «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым»
У выдавецтве «Логвінаў» выйшла кніга Валянціна Акудовіча «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым». Філосаф працаваў над ёй доўгі час. Некалькі год запар фрагменты кнігі друкаваў часопіс «Дзеяслоў».
„Гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў… Пра тых хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе “мая краіна”. З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам зноў скоціцца долу. А значыць трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў…І мы вяртаемся!”, – так Валянцін Акудовіч пракаментаваў выхад доўгачаканай кнігі.
Валянцін Акудовіч – беларускі філосаф, эсэіст, літаратурны крытык. Аўтар кніг, якія заклалі падмурак філасофскай думкі Беларусі, паўплывалі ні на адно пакаленне інтэлектуалаў. Сярод яго прац такія выданні: «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялогі з Богам» (2006), «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007), «Кніга пра нішто» (2012), “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне” (2015). Кніга “Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці” перакладзена на літоўскую, рускую і нямецкую мовы.