Выйшла відэаверсія канцэрту «(Не)расстраляная паэзія»
Пабачыла свет відэаверсія канцэрту «(Не)расстраляная паэзія», які прайшоў 29 кастрычніка 2017 года ў менскім клубе «Брюгге».
У канцэрце ўзялі ўдзел 11 выканаўцаў. Усе яны прэзентавалі песні на вершы беларускіх паэтаў, большасць з якіх была расстраляная ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. На музыку былі пакладзеныя творы Валерыя Маракова, Алеся Дудара, Анатоля Вольнага, Міхася Чарота, Зямы Піваварава ды іншых.
«Лічу гэты праект вельмі істотным, бо нельга замоўчваць той факт, што было вынішчана большасць таленавітых беларускіх аўтараў 1930-х. Вельмі шкада, што пра гэта сёння мала гавораць», – зазначае адзін з удзельнікаў канцэрту Лявон Вольскі.
Акрамя 11 трэкаў, якія былі запісаныя ў клубе «Брюгге», да відэаверсіі «(Не)расстралянай паэзіі» далучаная кампазіцыя Светы Бень з гурта «Серебряная свадьба» на словы Ізі Харыка. Спявачка не здолела ўзяць удзел у канцэрце, але прэзентавала песню раней – на адкрытай лекцыі, прысвечанай паэту, у кнігарні «Логвінаў». Усе песні праекту ў студыйнай версіі можна паслухаць тут.
У верасні стартавала другая частка праекту, у межах якой выйдзе кніжнае выданне з музычным дадаткам, пройдуць новыя лекцыі з выступамі музыкаў у Менску і прэзентацыі ў рэгіёнах.
Першая імпрэза пройдзе 2 кастрычніка ў Менску. У кнігарні «Логвінаў» даследчык літаратуры Віктар Жыбуль прачытае адкрытую лекцыю пра паэта Сяргея Астрэйку, песню на ягоны верш ужывую зайграе гурт Zanzibar. А 7 кастрычніка ў прасторы «Дом 46» у Гародні лекцыю пра Майсея Кульбака прачытае Вольф Рубінчык.
Увесь расклад лекцыяў можна паглядзець тут.
Замовіць кнігу з CD праекту «(Не)расстраляныя» на Ulej.by – https://ulej.by/project?id=816622
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Марыны Серабраковай, budzma.by