Выйшла з друку ўнікальная кніга пра Алега Лойку
У Менску выйшаў з друку вялікі том артыкулаў і ўспамінаў пра беларускага паэта, вучонага і педагога Алега Лойку пад назвай “Чалавек з сонечнаю ўсмешкай”. Складальнікам выдання з’яўляецца доктар філалагічных навук прафесар Алесь Бельскі.
Кніга складаецца з чатырох частак. У першую частку “Грані творчай асобы” ўвайшлі артыкулы беларускіх пісьменнікаў і навукоўцаў пра творчасць Алега Лойкі. Пра лірыку кахання, пра імпрэсіяністычнасць лірыкі Алега Лойкі, пра пераклады яго, пра займальнае і сакральнае, пра Лойкавы Скрыжалі і шмат-шмат яшчэ разважаюць Алесь Бельскі, Анатоль Верабей, Сяргей Кавалёў, Яраслаў Клімуць, Таццяна Мацюхіна, Людміла Сінькова, Сяргей Шапран, Ульяна Верына, Мікола Чэмер, Міхась Скобла і многія іншыя аўтары.
Другі раздзел кнігі, прысвечаны ўспамінам пра Алега Лойку. Шчырыя ўспаміны ў кнізе пакінулі яго сваякі, а таксама Алесь Бадак, Сяргей Чыгрын, Анатоль Бутэвіч, Казімір Камейша, Анатоль Вярцінскі, Генрых Далідовіч, Алесь Жук, Уладзімір Мазго, Мікола Трус, Сяргей Украінка, Таццяна Шамякіна, Кастусь Цыбульскі, Аляксей Пяткевіч і г.д.
У трэцюю частку кнігі ўвайшлі паэтычныя прысвячэнні славутаму прафесару, доктару філалагічных навук, былому дэкану філфака БДУ Алегу Лойку. Іх напісалі былыя яго студэнты, сярод якіх – Юрка Голуб. Мар’ян Дукса, Людміла Забалоцкая, Таццяна Марчык, Вольга Русілка, Яўгенія Янішчыц, Мікола Мятліцкі, а таксама тыя паэты, якія з ім сябравалі і добра ведалі Алега Антонавіча – Васіль Зуёнак, Зьніч, Галіна Каржанеўская, Віктар Шніп, Анатоль Вярцінскі, Ірына Багдановіч, Анатоль Брусевіч і г.д.
Чацвёртая частка парадуе чытачоў невядомымі раней вершамі Алега Лойкі.У кнізе таксама змешчана шмат здымкаў.
Алег Лойка пакінуў светлы і незабыўны след у памяці шматлікіх студэнтаў філфака БДУ, быў і застаецца ўзорам выдатнага нацыянальнага інтэлігента, палымянага патрыёта і грамадзяніна Беларусі.
Першая прэзентацыя кнігі пра Алега Лойку адбудзецца на філфаку Белдзяржуніверсітэта напачатку траўня.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Менск