Выйшлі з друку беларускія народныя песні з Лідчыны пачатку ХХ стагоддзя



На адным з апошніх пасяджэнняў лідскага літаб’яднання “Суквецце” была прэзентавана кніга „Закуй, закуй, зязюленька, рана… “.

Гэта не проста кніга, а своеасаблівая анталогія беларускіх народных песень. Гэтыя песні былі сабраны Аленай Іваноўскай на Лідчыне ў 1905 – 1912 гадах. Уклаў кнігу лідскі гісторык і краязнавец Леанід Лаўрэш. А рэдагаваў іх пісьменнік Станіслаў Суднік. На беларускую мову тэксты Алены Іваноўскай з ангельскай мовы пераклаў Мікола Бусел з Гомельшчыны.

У кнігу ўвайшлі ноты і тэксты беларускіх народных песень і танцаў, запісаных Аленай Іваноўскай у раёне Лябёдкі Лідскага павета ў 1905 – 1912 гадах і апублікаваных у Англіі ў 1914 і 1924 гадах.

На вокладцы кнігі размешчаны фотаздымак фальклорнага калектыву “Талер” дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

У 2018 годзе падчас працы над дакументальнай аповесцю пра славутую сям’ю Іваноўскіх з Лябёдкі ўсё таго ж Лідскага павета мясцовы пісьменнік Леанід Лаўрэш знайшоў інфармацыю пра тое, што Алена Іваноўская, сястра беларускага нацыянальнага дзеяча Вацлава Іваноўскага, выпускніца каледжа Нью-Нам Кембрыджскага ўніверсітэта ў перыяд дзесьці ад 1905 да 1912 года запісала ў ваколіцах Лябёдкі вялікую колькасць беларускіх народныя песень. Дзве падборкі песень Алена Іваноўская разам з сябрам па Кэмбрыджы Гуі Онславам апублікавала ў лонданскім часопісе „Folklore”. Яшчэ дзве публікацыі былі зроблены ў 1924 годзе з дапамогай жонкі Онслава Мюрыэл Уэлдэйл (Muriel Wheldale).

Леанід Лаўрэш знайшоў усе гэтыя публікацыі, расчытаў тэксты надрукаваныя лацінкай, перапісаў іх кірыліцай і падрыхтаваў да друку. Ён жа ўпершыню напісаў біяграфію Алены Іваноўскай, якая надрукавана ў гэтай кнізе. Вялікія англамоўныя прадмовы да публікацый выдатна пераклаў на беларускую мову актывіст ТБМ і паліглот Мікола Бусел.

Так атрымаўся зборнік лідскага песеннага фальклору, які мы смела можам дадаць да багатай фальклорнай спадчыны Лідчыны і ўсёй Беларусі.

Выданне ажыццёўлена сіламі рэдакцыі газеты “Наша слова”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя