Выканаўца „Шчучыншчыны” падала заяўку на „Еўрабачанне”



Выканаўца хіта «Шчучыншчына» падала заяўку на ўдзел у нацыянальным адборы на «Еўрабачанне». Песня Алены Жалудок (актрыса Алена Зуй-Вайцяхоўская) будзе называцца «Дзекаць i цекаць».

Нагадаем, у кастрычніку 2020 года на канале «ЧынЧынЧэнэл», які вядуць былыя акцёры Купалаўскага тэатра Міхаіл Зуй і Дзмітрый Ясяневіч, з’явіўся ролік, які стаў вельмі папулярным у байнэце. Па сюжэце гэтага сатырычнага серыяла «узыходзячая зорка беларускай эстрады Алена Жалудок» прадставіла свой кліп з запамінальным прыпевам «Шчучыншчына».

На гэты момант ролік сабраў больш за 800 тысяч праглядаў.

Пры гэтым беларуска Вольга Шыманская, яна ж Napoli, якая сем гадоў запар прабівалася ў фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне», не будзе браць удзелу ў ім сёлета.

Нацыянальны адбор на «Еўрабачанне» ў гэтым годзе працягваўся да 31 студзеня. Таму хутка мы даведаемся ўсіх прэтэндэнтаў. Да ўдзелу ў адборы запрашаліся як сольныя выканаўцы, так і калектывы (не больш за 6 чалавек). Імі маглі быць беларускія і замежныя артысты ад 16 гадоў.

Летась арганізатары ўлічылі няўдалы вопыт украінскага спевака Alekseev, які прадстаўляў нашу краіну на «Еўрабачанні» ў 2018 годзе. Таму да ўдзелу ў адборы-2020 дапускаліся толькі грамадзяне Беларусі, замежнікі і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Сёлета замежнікі зноў атрымалі права ўдзельнічаць у адборы.

Паводле TUT.BY.