Выканаўцы з сямі краін выступяць на музычным фестывалі ў Баранавічах
У Баранавічах 27 красавіка адбудзецца I Міжнародны конкурс-фестываль эстраднай і джазавай музыкі Brand New Jazz, паведаміла начальніца аддзела культуры гарвыканкама Наталля Міхальчык.
Заяўкі на ўдзел паступілі ад прадстаўнікоў Беларусі, Расеі, Украіны, Латвіі, Польшчы, Літвы і Кітая. На форуме свае таленты прадэманструюць школьнікі, навучэнцы, студэнты ВНУ. Конкурсная праграма прадугледжвае сольныя выступленні інструменталістаў і вакалістаў, таксама свае нумары пакажуць ансамблі, хары, аркестры. Ім прапануюць выканаць эстрадную музыку, джазавую класіку, творы сучасных джазавых кампазітараў, фальклор у джазавай апрацоўцы.
Майстэрства канкурсантаў ацэніць прафесійнае журы, у склад якога ўвойдуць спецыялісты з Беларусі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Малдовы, Украіны і Расеі. Яны вызначаць дыпламантаў, лаўрэатаў, уладальніка Гран-пры.
„Праведзена вялікая работа. Нягледзячы на тое што фестываль эстраднай і джазавай музыкі пройдзе ўпершыню, мы змаглі прыцягнуць удзельнікаў з сямі краін. Імкнёмся да таго, каб мерапрыемства стала знакавым для Баранавіч, увайшло ў каляндар турыстычных падзей”, – адзначыла Наталля Міхальчык. Фестываль плануецца зрабіць традыцыйным, яго працягласць можа павялічыцца да некалькіх дзён.
Паназіраць за творчым спаборніцтвам жыхары Баранавіч змогуць на трох пляцоўках. Гала-канцэрт фестывалю адбудзецца ў Палацы культуры (Кірава, 62).
Акрамя конкурснага выступлення ва ўдзельнікаў будзе магчымасць азнаёміцца з гісторыяй і сучасным жыццём горада. У час агляднай экскурсіі госці ўбачаць галоўныя славутасці, наведаюць памятныя мясціны.
Арганізатарамі міжнароднага фестывалю выступаюць Баранавіцкі гарвыканкам, Саюз музычных дзеячаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры, дзіцячая музычная школа мастацтваў нумар 3 Баранавіч.