«Выкарыстоўваючы гітару з футаралам і рамянём, вырабіў… аўдыёматэрыял „Родная Зямля”»



У Рагачове 28 кастрычніка затрымалі ўдзельнікаў гурта Tor band разам з жонкамі музыкаў. Пазней музыкаў Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка некалькі разоў запар судзілі паводле адміністрацыйных пратаколаў, а нядаўна перавялі ў гомельскае СІЗА у межах крымінальнай справы.

Праваабаронцам статала вядома, што адзін з пратаколаў паводле арт. 19.11 КаАП на Дзмітрыя Галавача быў складзены за тое, што ён напісаў „экстрэмісцкую” песню „Родная Зямля” і выклаў яе ў інтэрнет.

Так, паводле пратакола, Галавач, «выкарыстоўваючы гітару з футаралам і рамянём, вырабіў і з таго ж часу захоўваў з мэтай распаўсюду ў суполцы „Tor band” у „Вконтакте”, якая належыць яму, аўдыёматэрыял „Родная Зямля” [напісаны ў 2020 годзе] музычнага калектыву Tor band, які адносіцца да інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

На судзе Дзмітрый віну не прызнаў, ад дачы тлумачэнняў адмовіўся.

Суддзя адзначыла, што праз тое, што «Галавач з’ўляўся актыўным удзельнікам гурта, яму было дакладна вядома пра ўключэнне песні ў „спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”». Адзначым, што на момант суда Дзмітрый ужо месяц знаходзіўся за кратамі, а інфармацыя пра прызнанне сацсетак і песень гурта Tor Band у рэспубліканскім спісе з’явілася толькі ў пачатку лістапада з пазнакай пра тое, што іх прызналі яшчэ нібыта 29 жніўня. Вынік суда — 15 сутак.

Меркавана, гэта не перш суд за „напісанне песні”, бо гітара Галавача ўжо была канфіскаваная паводле пастановы суда ад 14 лістапада па арт. 19.11 КаАП.

Акрамя гэтага, Яўгена Бурло 15 лістапада асудзілі за тое, што ён «сумесна з іншымі музыкамі ў полі з выкарыстаннем барабанаў, драўляных барабанных палачак, а таксама металічных стоек і талерак удзельнічаў у вырабе відэаматэрыялаў для кліпа „Жыве”, які прызнаны „экстрэмісцкім”». Таксама яму ставіўся ў віну ўдзел у яшчэ адным кліпе гурта. Паводле матэрыялаў справы, падчас ператрусу музычныя інструменты вынялі. Суддзя Ірына Зыль прызнала Яўгена вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП і арыштавала яго на 15 сутак.

16 студзеня гурт Tor band быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».

Вясна