Выходзіць першая кніга з серыі «Рамсарскія тэрыторыі Беларусі»



Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук Дзмітры Грумо.

– Першая кніга з серыі «Рамсарскія тэрыторыі Беларусі» прысвечаная аднаму з самым тытулаваных балотаў Беларусі. Гэта балота Дзікае, якое мае статус Рамсарскай тэрыторыі, ключавой арніталагічнай тэрыторыі, часткова ўваходзіць у склад запаведнай зоны Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» і адпаведна аб’ект сусветнай спадчыны.

Рамсарскія ўгоддзі – тэрыторыі пад аховай, вызначанай аднайменнай канвенцыяй. Дзікае – балота нізіннага тыпу на поўначы Пружанскага і поўдні Свіслацкага раёнаў, у вадазборах Ясельды і Нарава. Гэта адно з найстаражытнейшых балотаў Еўропы, ягоны ўзрост складае больш за 6 тысяч гадоў. Плошча – больш 20 тысяч гектараў.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя