Выніковая выстава Барадулінскага пленэру будзе адмысловай
На радзіме Рыгора Барадуліна завершыўся мастацкі пленэр. Яго ладзіла кіраўніца Культурна-адукацыйнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак. Першая выніковая выстава пленэра адбылася непасрэдна на вуліцы Ушач. Наступная адбудзецца ў менскім Чырвоным касцёле. Як распавяла для Радыё Рацыя Ада Райчонак, на ёй выставяць таксама тыя карціны, якія захоўваліся на лецішчы паэта:
– Потым у нас будзе зусім цікавая выстава. Справа ў тым, што мы забралі мастацкія творы, якія былі ў хаце Барадуліна. Некаторыя з іх вельмі пашкоджаныя. Тры гады таму ў доме прарвала водаправод. Таму працы мы забралі ў рэстаўрацыю. І выстава будзе разам – наша, тое што намалявалі ўдзельнікі пленэра, і гэтыя адрэстаўраваныя працы з дому Барадуліна.
На памяць пра сёлетні пленэр на падворку хаты Рыгора Барадуліна застанецца невялічкая дубовая алея. Першы малады дубок вырас сам, астатнія пасадзілі мастакі. Удзельнікі пленэра таксама прапанавалі стварыць у Вушачах музей Рыгора Барадуліна.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя