Вёска Ятра, дзе прайшло маленства Яўхіма Карскага



Калі б сёння філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, акадэмік Яўхім Карскі (1861-1931) прыехаў у вёску Ятра на Наваградчыну, дзе прайшло яго маленства, заплакаў бы ад убачанага.

Бо гэта далёка не тая Ятра, якая была тады, калі босым бегаў па вуліцах і расе з сябрамі маленькі Яўхім, калі напачатку 1870-х гадоў ён вучыўся ў прыходскім народным вучылішчы ў Ятры. Яно было адкрыта ў 1851 годзе і з’яўлялася першым у Наваградскім павеце прыходскім вучылішчам. Няма ўжо той багатай Ятры з кірмашамі і гандлем, з корчмамі, з уніяцкай царквой Багародзіцы, вадзяным млынам, крамамі, піцейным домам. Тады ў вёсцы пражывалі 328 жыхароў, а ў 1909 годзе – каля 400. А пры Польшчы да Другой сусветнай вайны ў Ятры налічвалася 384 жыхары.

Што Ятра звязана з Яўхімам Карскім нічога не нагадвае, не ўшанавана імя вялікага вучонага ў гэтай вёсцы. Хаця грамадскія актывісты Наваградка зусім нядаўна планавалі адкрыць барэльеф Яўхіму Карскаму каля царквы Прасвятой Багародзіцы. Знайшлі вялікі прыгожы камень, прывезлі яго ў вёску, устанавілі недалёка ад царквы, але ўстанавіць барэльеф не паспелі, пачаліся выбары, і ўсе паслявыбарчыя падзеі. Таму справа з устаноўкай барэльефа і ўрачыстае адкрыццё яго на вялікім камені ў Ятры, адкладваюцца да лепшых часоў. Барэльеф зрабіў вядомы скульптар Генік Лойка.

Насупраць каменя стаіць крыж-помнік святару Кіпрыяну (Клімуцу), які быў настаяцелям храма ў 1929-1939 гадах, але закатаваны ў сталінскіх лагерах у 1942 годзе. Побач ляжыць невялікі слуп з шыльдачкай, дзе напісана кароткая гісторыя храма. Падчас Другой сусветнай вайны храм узарвалі партызаны. І толькі ў 1987 годзе з будынку старой школы яго пераабсталявалі пад царкву Прасвятой Багародзіцы. За царквой цячэ рэчка Ятранка, а за ёй пачынаецца вёска.  

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Наваградскі раён

Фота аўтара