Вёску Вострава наведалі паэты
Востраўскую сельскую бібліятэку Слонімскага раёна наведалі сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў – паэты Мікола Канановіч і Сяргей Чыгрын.
Сустрэча была прымеркавана да Дня роднай мовы. Але госці і вяскоўцы, якія наведалі бібліятэку, размаўлялі не толькі пра родную мову, але і пра беларускую кнігу, пра творчасць мясцовых літаратараў.
Мікола Канановіч нарадзіўся ў вёсцы Вострава. Таму выступаць сярод сваіх вяскоўцаў яму ўдвая было прыемней.
Тым больш, што землякоў ён пазнаёміў з сігнальным выпускам свайго новага паэтычнага зборніка “Вяртанне восені”, які рыхтуецца да выхаду ў Менску.
А Сяргей Чыгрын распавёў пра выдавецкія планы на бягучы год, найперш тыя, якія датычаць Слонімшчыны і слонімскіх аўтараў. Падчас сустрэчы ў бібліятэцы гучалі вершы пра родную мову, якія чыталі вяскоўцы, адбываліся конкурсы па беларускім фальклоры, літаратуры, краязнаўстве, дзе пераможцы атрымлівалі салодкія ласункі.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота аўтара