Вышыванкі ад “Majsternja „moj rodny kut”
Антон Талашка, студэнт апошняга курса аднаго з Гомельскіх універсітэтаў, разам з сям’ёй вырашыў стварыць рэгіянальную лінейку вопраткі з арнаментам пад назваю “Majsternja „moj rodny kut”, зробленай у прасунутым, мадэрновым стылі.
Працэс вытворчасці ён наладзіў на сваёй радзіме, ў заходнепалескім горадзе Маларыта ў хаце. Дапамагаюць Антону ягоная маці і часам сястра. Аб тым, што натхніла хлопца заняцца вышыўкай, кажа сам Антон:
– Натхніла ідэя паказаць людзям, што ў нас ёсць уласная гісторыя, гісторыя не толькі з Пагоняй. У нас захаваўся вялікі пласт сімвалаў, якія перадалі нам нашыя продкі. Мэта ў тым, каб зрабіць не проста нейкі прынт, а менавіта – вышыўку.
Па словах Антона Талашкі, на дадзеным этапе ён ставіцца да гэтага як да захаплення, а не да асноўнай крыніцы прыбытку.
Разам з тым, за невялікі час існавання майстэрні, хлопец паспеў прэзентаваць яе на тэматычных выставах у Менску, ды атрымаць першую, досыць буйную для вырабаў ручной работы, замову ад гурта N.R.M.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота vk.com