«Выспятак ад Скарыны» прэзентавалі ў Слоніме
У Слоніме адбылася прэзентацыя кнігі Міхася Скоблы „Выспятак ад Скарыны”, якая выйшла з друку ў серыі “Бібліятэка Свабоды” радыё Свабода. На прэзентацыі прысутнічалі сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл.
Слонімцам было прыемна пазнаёміцца і сустрэцца з аўтарам кнігі Міхасём Скоблам, які ўносіць важкі творчы ўклад на нівы нашай культуры, літаратуры і журналістыкі.
У сваім выступленні аўтар выдання адзначыў, што кніга “Выспятак ад Скарыны” – гэта яго асаблівы ўнёсак у вялікі для беларусаў юбілей – 500-годдзе кнігадрукавання ў Беларусі.
Адзначым, што ў кнігу Міхася Скоблы ўвайшлі эсэ і гутаркі з рознымі людзьмі, якія сёння жывуць і якіх ужо няма сярод нас. Гэта вельмі цікавыя і вядомыя асобы: Юры Туронак, Валерыя Навадворская, Ігар Шклярэўскі, Сяргей Тарасаў, Мікола Мікалаеў, Дзмітро Паўлычка, Адам Мальдзіс, Ніл Гілевіч, Уладзімір Някляеў і многія іншыя. Пра кожнага Міхась Скобла казаў шчырыя словы, распавёў пра спатканні з імі і запамінальныя эпізоды з іх жыцця.
Падчас сустрэчы ўсе прысутныя атрымалі кнігі ад аўтара, а таксама аўтографы.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім