Выстава „Апошні бас. Вясковая капэла Віктара Прыбышчука”
17 кастрычніка а 19:00 адбудзецца прэзентацыя выставы „Апошні бас. Вясковая капэла Віктара Прыбышчука”. Выстава будзе экспанавацца ў памяшканні РМГА „Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” па адрасе г. Менск, вул. К. Чорнага, 32.
Прыадчыняем – і самі сабе, і шырокай публіцы – завесу таямніцы над традыцыйным удзельнікам смыковых капэлаў, беларускай басэтляй. Праўдападобна, калі прафесійныя музыколагі запісвалі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя музыкаў з в. Ляхавічы Іванаўскага раёна, яны яшчэ не ведалі, што фіксуюць для нашчадкаў, бадай, апошняе жывое гучанне народнае басэтлі („басэдля”, „бас”).
Наведнікаў імпрэзы чакае:
– дэманстрацыя ўнікальных аўдыязапісаў капэлы з басам, з архіва прафесара Іны Назінай;
– эксклюзіўны прагляд фрагмента фільму „Старыя вясковыя музыкі” (1988 г.) пра палескую капэлу;
– выстава фотаздымкаў з сямейных архіваў іванаўскіх музыкаў, куратарскі расповед;
– прэзентацыя электроннага рэліза Студэнцкага этнагарфічнага таварыства – альбом запісаў іванаўскага скрыпача Віктара Прыбышчука;
– жывая скрыповая музыка.
Спецыяльны госць – этнограф, збіральнік Мікалай Аляксеевіч Козенка.
Беларускае Радыё Рацыя