Выстава беларускага авангарда адкрылася ў Маскве
Выстава беларускага авангарда да 130-годдзя Марка Шагала адкрылася 17 кастрычніка ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расеі.
Экспазіцыя прадстаўлена Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў Беларусі. Як паведаміў журналістам намеснік дырэктара цэнтра Ігар Лявонцьеў, у ёй прадстаўлена каля 50 твораў жывапісу, скульптуры і графікі, створаных як маладымі мастакамі, так і прызнанымі майстрамі. „Гэта як непасрэдныя прысвячэнні Марку Шагалу, так і асацыяцыі на тэму яго твораў, – сказаў ён. – Прайсці міма фігуры Марка Шагала сучасным мастакам зусім немагчыма”.
Знакамітым ураджэнцам Віцебска ганарацца не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, Францыі, ЗША, Швейцарыі, Ізраілі, дзе ён працаваў і ствараў свае шэдэўры, адзначыў на вернісажы саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Расеі Юрый Ярашэвіч. „Аднак радзіма, вялікая і малая, пастаянна прысутнічала ў яго творчасці, надаючы непаўторную своеасаблівасць яго работам”, – падкрэсліў дыпламат.
Юрый Ярашэвіч таксама выказаў упэўненасць, што сённяшняя выстаўка сучасных беларускіх мастакоў служыць наглядным доказам таго, што творчая спадчына Марка Шагала ў Беларусі паспяхова развіваецца.
Вернісаж дапоўніла маскоўская прэм’ера анімацыйнага фільма „Марк Шагал. Пачатак”, створанага на Нацыянальнай кінастудыі „Беларусьфільм”. Яшчэ адну прэм’еру – аўтарскую праграму, навеяную творчасцю знакамітага мастака, прадставіла вакальная група „Камерата” Беларускай дзяржаўнай філармоніі.