Выстава да 140-годдзя з дня нараджэння Марціна Кухты
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава, прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння Марціна Кухты – друкара, выдаўца кніг на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах.
На выставе дэманструюцца віленскія выданні пачатку ХХ стагоддзя з фонду Нацыянальнай бібліятэкі, надрукаваныя Марцінам Кухтам кірыліцай і лацінкай, – паведаміў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша.
– У Музеі Кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі дзейніче выстава, якая прэзентуе спадчыну вядомага і невядомага, знакамітага і, аказваецца, малазнанага Марціна Кухты, таго самага, чыю кнігу Максім Багдановіч успрамаў, як самы вялікі падарунак для сябе асабіста і для свайго народа. Марцін Кухта – друкар абсалютна ўнікальны для нашай культуры, гэта прадаўжальнік справы Скарыны. Калі Скарына беларускага паходжання зрабіў шмат не толькі для беларусаў, але і для літоўцаў, то Марцін Кухта, літовец па паходжанні, зрабіў надзвычай шмат для Адраджэння беларускага кнігадрукавання пачатку 20-га стагоддзя.
Вядома не менш за 60 кніжных выданняў на беларускай мове, якія надрукаваў Кухта ў 1906-1915 гадах. Асноўную кніжную прадукцыю друкарні складалі творы мастацкай літаратуры – Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Цёткі, Канстанцыі Буйло ды іншых беларускіх пісьменнікаў, кнігі па літаратуразнаўству, перакладная літаратура, фальклорныя зборнікі песень і казак, беларускія календары, этнаграфічныя матэрыялы, лінгвістычныя даследаванні, сельскагаспадарчыя і медыцынскія выданні.
Беларускае Радыё Рацыя, паводле БелаПАН