Выстава дзіцячых малюнкаў, прысвечаная Максіму Багдановічу
Выстава дзіцячых малюнкаў “Горды, моцны птах” – своеасаблівая справаздача, прэзентацыя вынікаў мастацкага пленэру удзельнікаў арт- майстэрні “Залаты птах” (кіраўнік Юлія Шаціла), праведзенага ў 2022 годзе, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Да асобы Максіма Багдановіча, да яго жыцця і творчасці ўдзельнікі арт- майстэрні “Залаты птах” звярталіся і раней. У мінулым годзе яны ўдзельнічалі ў мастацкім пленэры, які адбываўся на тэрыторыі літаратурна-мемарыяльнага музея Максіма Багдановіча “Беларуская хатка” у Менску. Вынікі працы юных мастакоў былі прэзентаваны падчас мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею гэтага музея – 30-годдзю з дня адкрыцця.
Творчы эксперымент па асваенні музейнай прасторы, звязанай з імем самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, прызнаны паспяховым усімі прыхільнікамі юных талентаў, а таксама самімі мастакамі. I таму было вырашана працягнуць эксперымент, але ўжо ў новай лакацыі. Удзельнікі арт-майстэрні “Залаты птах” наведалі экспазіцыю Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Падчас экскурсіі дзеці пазнаёміліся з біяграфіяй пісьменніка, вясёлымі і сумнымі гісторыямі яго жыцця, са знакавымі экспанатамі, мемарыяльнымі прадметамі.
Супрацоўнікі музея пазнаёмілі дзяцей з мастацка-дакументальнай выставай “Пад знакам Страціма”, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча і 105-годдзю напісання паэмы “Страцім-лебедзь”. Юныя мастакі ў інтэр’еры музея самастойна абіралі прастору для малявання, выбіралі экспанаты, якія ім найбольш спадабаліся.
Назва мастацкай выставы “Горды, моцны птах” з’явілася невыпадкова. Па- першае, яна пераклікаецца з назвай арт-майстэрні “Залаты птах”. Па-другое, як заўважылі музейныя супрацоўнікі, мастакоў моцна закрануў вобраз Страцім-лебедзя і яго трагічны лёс.
Па ўспамінах, калі Максім Багдановіч першы раз чытаў паэму сваім сябрам, ён агаварыўся, і апошні радок прагучаў так: “Ад усіх цяпер патомкі ёсць, акрамя Максімавых…” (замест “Страцімавых”). За гэтай агаворкай – мара паэта пра ўласных дзетак – і разуменне, што мара не ажыццявіцца. Няхай у Максіма няма прамых “патомкаў”, яго сімвалічнымі нашчадкамі становімся мы ўсе. I юныя менскія мастакі, удзельнікі арт-майстэрні “Залаты птах”, таксама…
У імпрэзе прымалі ўдзел дырэктар музея паэта Максіма Багдановіча Міхал Бараноўскі, навуковы супрацоўнік музея Ірына Мышкавец і пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік.








Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
