Выстава „Эрык Ліпіньскі – карыкатура”
4 сакавіка а 18-й гадзіне ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Эрык Ліпіньскі – карыкатура» з калекцыі варшаўскага Музея карыкатуры (Польшча), арганізаванай сумесна з Польскім Інстытутам у Менску.
Ганаровы госць вернісажа – дырэктар Варшаўскага музея карыкатуры Эльжбета Ласкоўска.
Эрык Ліпіньскі (12.07.1908 – 27.09.1991) – аўтар плакатаў, кніжных ілюстрацый, карыкатурыст, сатырык, заснавальнік варшаўскага Музея карыкатуры.
Скончыў варшаўскую Акадэмію мастацтваў у 1939 годзе, але яго дэбют як карыкатурыста адбыўся ў 1928 годзе ў часопісе «Pobudka». У 1935 годзе разам са Збігневым Міцнерам Ліпіньскі заснаваў сатырычны часопіс «Szpilki» і цягам некалькіх гадоў быў яго галоўным рэдактарам (1935–1937 і 1946–1953). Падчас Другой сусветнай вайны Эрык Ліпіньскі супрацоўнічаў з польскім рухам супраціву, удзельнічаў у вырабе фальшывых дакументаў. Апошнія дні вайны мастак правёў у сумнавядомай турме «Pawiak», сядзеў таксама ў макатоўскай турме і ў канцэнтрацыйным лагеры «Auschwitz».
Пасля вайны Эрык Ліпіньскі супрацоўнічаў з такімі газетамі і часопісамі як: «Przekrój”, «Przegląd Kulturalny», «Trybuna Ludu», «Panorama», «Zwierciadło» і «Express Wieczorny». Быў важнай фігурай Міжнароднага біенале плаката ў Варшаве – ініцыятарам, удзельнікам і куратарам першага конкурсу. У 1978 г. ён заснаваў у Варшаве Музей карыкатуры, дзе займаў пасаду дырэктара да самой смерці, а яго ўласныя зборы сталі падмуркам музейнай калекцыі. Таксама ён ініцыяваў стварэнне Асацыяцыі польскіх мастакоў карыкатуры (старшынёй якой стаў) і Сацыяльнага камітэта па догляду за могілкамі і помнікамі габрэйскай культуры ў Польшчы. Узнагароджаны Залатым крыжам за заслугі ў мастацкай дзейнасці. У 1991 г. атрымаў званне Праведніка народаў свету.
На выставе будуць прадстаўлены ўсе напрамкі творчасці мастака: карыкатуры, кінаплакаты, вокладкі для часопісаў.
Выстава працягнецца да 18 сакавіка 2020 года.
Уваход на мерапрыемства вольны.
Паводле прэс-рэлізу