Выстава фатаграфій Саміра Юхніна (абноўлена)
У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылі выставу, прысвечаную творчасці і жыццю даваеннага фатографа са Слуцка Саміра Юхніна.
Гаворыць мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская:
– Ён пакінуў выдатныя этнаграфічныя фотаздымкі. І выбранцаў слуцкіх тыпажы і, канешне, вось гэтыя фотаздымкі селяніна і іншыя, якія пабачылі ў Парыжы ў 1925 годзе на Сусветнай выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і прамысловасці. Гэта быў першы беларускі нацыянальны куток. І, канешне, людзі прыходзілі і бачылі нашы шэдэўры на фотаздымках, рэчы этнаграфічныя і, канешне, тыпаж, які сведчыў пра тое, што ёсць такі народ.
Выстава складаецца з дзвюх частак. Першая – творы самога фотамастака з фондаў Гістарычнага музея і другая – артэфакты і дакументы, перададзеныя летась музею нашчадкамі Саміра Юхніна, дзякуючы камандзе сайта «Спадчына Слуцкага краю».
Максім Каўняроваіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
22 лютага ў 14.30 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выстава–прэзентацыя фатаграфій, дакументаў, асабістых рэчаў сям’і вядомага слуцкага фатографа Саміра Львовіча Юхніна (1870–1941), якія паступілі ў фонды музея ў 2018 годзе. Самір Юхнін – адораны фотамастак, спадчына якога ўвайшла ў „Энцыклапедыю еўрапейскай фатаграфіі”, чалавек творчы, вынаходлівы, які пакінуў нам шматлікія фатаграфічныя выявы Слуцка і яго наваколля, а таксама ўнікальную партрэтную галерэю беларускіх сялян пачатку ХХ стагоддзя.
Фотаатэлье 26–летняга віцебскага мяшчаніна Саміра Юхніна з’явілася ў Слуцку ў 1896 годзе і было даволі папулярным у гараджан, асабліва пасля таго, як у 1907 годзе яго працы былі ўзнагароджаны залатым медалём на выставе ў бельгійскім Антвэрпэне. І сёння фатаграфіі Саміра Юхніна на вытанчаных кардонных паспарту ці ў выглядзе звычайных паштовых картак можна знайсці ў сямейных фотаальбомах карэнных жыхароў Слуцка
Вельмі доўга, амаль 15 гадоў, не ўдавалася высвятліць некаторыя важныя факты з біяграфіі фатографа і яго сям’і. Што адбылося з Самірам Львовічам пасля ягонай высылкі ў 1928 годдзе са Слуцка, што стала з ягонымі наследнікамі – сынам Ільвом і дачкой Сафіяй… Усё гэта заставалася загадкай. Увесну 2018 года адбылася дзіўная падзея. Жыхар Масквы Валерый Абрамовіч Наймарк перадаў у дарунак Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь матэрыялы сям’і фатографа Саміра Юхніна – асабістыя рэчы, фатаграфіі, дакументы. Адбылося гэта дзякуючы інфармацыйнай падтрымцы сайта „Спадчына Слуцкага краю”, які апублікаваў на сваіх старонках артыкул загадчыцы аддзелам пісьмовых і выяўленчых крыніц музея Надзеі Саўчанка пра слуцкага майстра фатаграфіі.
Матэрыялы, якія з’явіліся ў распараджэнні музея, далі магчымасць правесці дадатковыя даследаванні і высветліць новыя, дагэтуль невядомыя факты з біяграфіі Саміра Юхніна і членаў яго сям’і. Яго старэйшы сын Леў – выпускнік Ленінградскай кансерваторыі, дырыжор Цэнтральнага ансамбля чырвонафлотскай песні і танца Ваенна–Марскога флота СССР, старэйшага сімфанічнага аркестра Расіі – аркестра Ленінградскай дзяржаўнай філармоніі (1949 г.). Дачка фатографа Сафія па адукацыі хімік, скончыла Ленінградскі хімічны тэхнікум (1927). Менавіта яна беражліва захавала ўсе сямейныя рэліквіі. Сям’я Валерыя Абрамовіча Наймарка цесна сябравала з Сафіяй. Яны жылі ў камунальнай кватэры ў шматнаселеным доме ў цэнтры Масквы, апекавалі яе, дапамагалі ва ўсім. Гэта ж сям’я ў 1995 году праводзіла Сафію ў яе апошні шлях.
На выставе будуць прадстаўлены арыгіналы рэдкіх фатаграфій Саміра Юхніна са збору музея, а таксама сямейныя рэліквіі з архіва дачкі фатографа Сафіі. Таксама ў праграме лекцыя–прэзентацыя пра Соміра Юхніна ад куратара калекцыі фатаграфій музея Надзеі Саўчанкі, аповяд пра дзейнасць сайта „Спадчына Слуцкага краю” ад яго стваральніка Уладзіміра Бойкі і адміністратара сайта Уладзіміра Хворава.