Выстава Гаўрылы Вашчанкі адкрылася ў Маскве
Выстава работ народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі „Ave Радзіма” з фондаў гомельскай карціннай галерэі майстра адкрылася ў Маскве ў дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расеі.
Экспазіцыя ўключае 30 работ Гаўрылы Вашчанкі, створаных мастаком з 1950 па 2005 год, – жывапіс, акварэль, пастэль.
Адкрываючы выставу, старшы саветнік пасольства, начальнік дзелавога і культурнага комплексу Васіль Чэрнік адзначыў асаблівую ролю Гаўрылы Вашчанкі ў фарміраванні і развіцці беларускага мастацтва. Ён падкрэсліў, што творчыя інтарэсы жывапісца былі вельмі шырокія, але заўсёды закраналі тэму малой радзімы, яго Палесся. „Назва выстаўкі дакладна характарызуе творчы шлях Гаўрылы Вашчанкі”, – сказаў дыпламат.
У вернісажы прынялі ўдзел прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Масквы, мастакі, студэнты з Беларусі, якія навучаюцца ў ВНУ расейскай сталіцы, прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў Расеі.