Выстава графікі і жывапісу Васіля Баранава



8 ліпеня а 17-й гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (Казлова, 3) адкрываецца выстава графікі і жывапісу сябра суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў Васіля Баранава.

“Васіль Баранаў не шукае новых тэхнічных сродкаў, не здзіўляе і новымі тэмамі, аднак яго графічныя аркушы прыцягваюць увагу аматараў прыгожага. Яго мастацтва спакойнае, нібы свабоднае цячэнне глыбокай раўніннай ракі. Рэальныя пейзажы ён доводзіць да высокага абагульнення, як быццам “выпадкова губляе” нязначныя дэталі і пакідае на паперы толькі самае важнае, амаль сімвал. З “маленькай” рэчы нечакана нараджаецца вялікі эпічны вобраз і трэба сказаць, што гэта не канкрэтны пейзаж, не канкрэтная вёска, гэта часцінка нейкі таямніцы, якую глыбока перажыў сам мастак пры назіранні за навакольным светам. Вёска сярод палёў і пералескаў устае як вялікі вобраз усёй роднай зямлі.

Натхнёны ідэяй хрысціянскага адзінства, ён шукае адэкватныя манументальныя формы для яго выяўлення. Такія працы як літаграфіі “Архангел Міхаіл”, “Архангел Гаўрыіл”, гравюры на дрэве “Ян Хрысціцель” і “Анёл-ахоўнік” гавораць пра яго, што ён знаходзіць уласную інтанацыю ў выразе тэмы і дамагаецца самастойнасці як мастак…

Не пазбягае ён і фальклорных тэм. Яны арганічна ўваходзяць у графічныя кампазіцыі, такія як “Калядная зорка вёскі Лялечы”, “Птушкі Барбары Арэф’еўны”, “Чорная кераміка Такарэўскага”.

На змену акадэмічнай школе прыходзіць пошук новых форм. І тады з’яўляюцца “нечаканыя” вялікія кампазіцыі графітнымі алоўкамі… Мастак нібыта раскрывае перад гледачом заслону сталых паняццяў і шчодра дзеліцца адкрытым ім светам, поўным стыхійных жыццёвых сіл.

Прыпомніліся словы вядомага чэшскага мастака Мілаша Іранэка: “Добрая акварэль або малюнак могуць размясціць на некалькіх квадратных сантыметрах свайго фармату такую ​​ж дозу мастацтва як і вялікае палатно”. Графіка Васіля Баранава цалкам адпавядае гэтым мудрым словам.”

Мікалай Паграноўскі, мастацтвазнаўцаВыстава працуе да 19 ліпеня 2020 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

budzma.by