Выстава „Код: 25.03.18” да 100-годдзя БНР мяняе фармат
Выстава „Код: 25.03.18” да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якая працуе з 4 па 15 красавіка ў менскім Палацы мастацтваў, з 14 красавіка змяняе фармат, паведаміў старшыня Беларускага саюза мастакоў (БСМ) Рыгор Сітніца.
У экспазіцыю ўвайшлі некалькі дзясяткаў жывапісных і тканых палотнаў, габеленаў, скульптур і мастацкіх кампазіцый беларускіх аўтараў, у тым ліку Аляксея Марачкіна, Генадзя Драздова, Міколы Рыжага, Леаніда Хобатава, Геніка Лойкі і іншых.
Напярэдадні ў сацыяльных сетках і шэрагу СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што выставу плануюць закрыць на некалькі дзён раней з-за слабага наведвання. Аднак, паводле слоў Сітніцы, экспазіцыя проста мяняе фармат.
„Да сённяшняга дня ўключна яна працуе, як і працавала, а ў суботу і нядзелю — у новым фармаце, — сказаў мастак. — Усе фармальныя рэчы будуць знятыя, а тое, што тычыцца тэмы, усё самае-самае перамесцяць у суседнюю залу. Палову работ скароцяць, але тое, што датычыцца тэмы, скарочана не будзе. Падкрэсліваю, выстава не зачыняецца, яна проста будзе перафарматаваная і працягне працаваць у больш сціслым фармаце”.
Сітніца адзначыў, што выставу „нармальна наведвалі”. Паводле яго слоў, 80% наведвальнікаў, „як правіла, прыходзяць у першы дзень”, і па сутнасці, „усе, хто быў зацікаўлены яе паглядзець, яе ўжо паглядзелі”.
„Учора я прыходзіў, там наогул нікога не было. Я магу паспрачацца з кім заўгодна, нават гатовы падзяжурыць, што ў нядзелю добра калі за дзень прыйдзе чалавек сем ці восем”, — заявіў старшыня БСМ.
Тлумачачы прычыну змены фармату выставы, мастак спаслаўся на „невялікую камерцыйную накладку”. „Вы ж самі ведаеце, што мы ўсё робім за свае грошы і павінны іх зарабляць. Таму калі з’яўляецца магчымасць зарабіць нейкую капейчыну, каб аплаціць тую ж выставу „Код…” (нам жа ніхто грошай проста так не дае), мы гэтую магчымасць выкарыстоўваем. Але выстава, паўтараю, не зачыняецца, яна проста мяняе фармат”, — падсумаваў Сітніца.
Варта адзначыць, што мастак Мікола Купава 13 красавіка мае намер прадаць адну са сваіх карцін, якая экспанавалася на выставе „Код: 25.03.18”, на аўкцыёне. Атрыманыя грошы ён плануе перадаць на патрэбы арганізатараў акцыі „Чарнобыльскі шлях”.
belapan.by
Фота Таццяны Козік