Выстава Леаніда Шчамялёва адкрыецца ў Нацыянальным мастацкім музеі



Выстава жывапісу Леаніда Шчамялёва адкрыецца ў Нацыянальным мастацкім музеі 5 лютага да 95-годдзя народнага мастака Беларусі.

Экспазіцыя ўвасабляе 70 гадоў жыцця ў мастацтве Леаніда Шчамялёва – ад пасляваеннага вучня да выдатнага майстра ХХІ стагоддзя, жыццё і лёс якога прыклад выключнага чалавечага і творчага даўгалецця, стойкасці і вернасці выбранаму шляху. На выставе будзе прадстаўлена 60 твораў 1960-2000-х гадоў са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, Музея гісторыі горада Менска.

Народны мастак Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі Саюзнай дзяржавы Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў нарадзіўся 5 лютага 1923 года ў Віцебску. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, служыў у пяхоце, кавалерыі, быў цяжка паранены. Вучыўся ў Менскім мастацкім вучылішчы (1947-1952) у Л.М. Лейтмана, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1953-1959) у В.К. Цвіркі. Удзельнік выстаў з 1958 года, персанальныя праходзілі з 1962-га. З 2003 года ў Менску працуе Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва.

belta.by