Выстава лінарытаў Генадзя Грака



Выстава лінарытаў аднаго са старэйшых мастакоў Беларусі Генадзя Грака “Прытрымлівацца белай-чорнай лініі” працуе ў сталічнай Галерэі “Ў”.

Кажа куратар выставы Уладзімір Грамовіч:

– Выстава, прысвечаная творчасці Генадзя Грака, з’яўляецца такой у нечым рэтраспектыўнай выставай, каторая праследжвае яго мастацтва ад 60-х да сённяшняга часу. Ён для гэтай выставы адмыслова выканаў яшчэ тры новыя працы з вуліцай Кастрычніцкай. Адмыслова для гэтай выставы мы знайшлі яго старыя матрыцы, ён займаецца лінагравюрай, знайшлі і надрукавалі іх наноў. Таму гэта такая ў нечым “археалагічная” выстава, мы паказалі тое, што даўно-даўно ўжо было. Людзі таксама першы раз гэта бачаць.

У часы БССР Генадзь Грак часцей за ўсё працаваў над афармленнем кніг. Найбольш пазнавальная ягоная праца – ілюстрацыі да рамана Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара