Выстава майстра-разьбяра Аляксандра Свірыда «Дрэва жыцця майго… »



21 студзеня а 16 гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца адкрыццё выставы майстра-разьбяра Аляксандра Уладзіміравіча Свірыда «Дрэва жыцця майго…».

Аляксандр Уладзіміравіч Свірыд – стараста народнага хору ветэранаў г.Ганцавічы, знайшоў сваё творчае ўвасабленне ў справе дэкаратыўнай апрацоўкі дрэва. Гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва спалучае ў сабе зграбнасць формаў, унікальнасць матэрыялу, які нібыта ажывае ў руках майстра.

Нарадзіўся Аляксандр Уладзіміравіч у вёсцы  Нача Ганцавіцкага раёна.

Яшчэ з дзяцінства ў Аляксандра Уладзіміравіча быў у ліку любімых паэтаў Якуб Колас. На памяць ён ведае многія ўрыўкі  з “Новай зямлі”, не раз чытаў і перачытваў яго празаічныя творы, у тым ліку раман “На ростанях”.

Ганцавіцкія мясціны не раз апеты Якубам Коласам у шматлікіх творах. Менавіта там, у палескіх вёсках, Пясняр пачынаў сваю настаўніцкую дзейнасць.  Шмат зрабіў Аляксандр Уладзіміравіч  для ўвекавечання памяці Якуба Коласа на Ганцавіцкай зямлі, а таксама знакамітых паэтаў сваёй малой радзімы.

Разьба па дрэве – даўняе яго захапленне. Яшчэ ў школьныя гады ён спрабаваў сябе ў тэхніцы дэкаратыўнай апрацоўкі дрэва, але потым гэты занятак пакінуў. Прысвяціць сябе цалкам любімай справе не дазваляла вучоба, а потым і праца.

Пры будаўніцтве свайго ўласнага дому, Аляксандр Уладзіміравіч вырашыў зрабіць нешта арыгінальнае, непадобнае на іншых. Ён узнавіў свае заняткі разьбой. Спачатку вырабляў невялікія па памерах рэчы, а затым пачаў рабіць і мэблю, напрыклад часопісны столік.

Атрымаць асалоду ад вырабаў  майстэрства дэкаратыўнай апрацоўкі дрэва ў выкананні Аляксандра Уладзіміравіча Свірыда змогуць наведвальнікі Дома Коласа.

На часовай экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 30 творчых работ, сярод іх вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадметы інтэр’ера: вазы, фруктоўніцы, сурвэтачніцы, падсвечнікі, часопісныя сталы, гадзіннік у розным абрамленні, настольная лямпа і іншыя вырабы.

Захапляе мастацкі густ, майстэрства, з якім аўтар падыходзіць да стварэння сваіх работ, вытанчанасць, карпатлівасць і непаўторнасць выканання.

Выстава будзе дзейнічаць з 21 студзеня па 8 лютага 2019 года.

budzma.by