Выстава мастака, які любіць чорна-белае фота



Унікальны чалавек жыве ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна. Гэта фатограф, мастак, іканапісец Уладзімір Кавальчук. Родам спадар Уладзімір з Меншчыны. У 1995 годзе ён з сям’ёй пераехаў у Жыровічы.

Усё жыццё Уладзімір Кавальчук займаецца мастацкай фатаграфіяй. Прымаў удзел у розных міжнародных выставах і конкурсах. Яго фотаздымкі, асабліва чорна-белыя, атрымлівалі сярэбраны медаль у Францыі на конкурсе “Fiap” (1982), міжнародным конкурсе “Еўропа-83”(бронзавы медаль), былых усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсах. Персанальныя фотавыставы мастака адкрываліся ў Італіі, Польшчы, Даніі. У 1991-1995 гадах Уладзімір Кавальчук узначальваў Менскі абласны фотаклуб “Крыніца”.

Амаль паўгады працавала выстава старых фотаздымкаў “Чорна-белая памяць” мастака ў Жыровіцкім сельскім Доме культуры. Побач са старымі фотаздымкамі мастак паказваў і свае іконапісныя працы, мастацкія творы. Персанальную выставу мастак плануе ў бліжэйшы час адкрыць і ў вёсцы Даманава Івацэвіцкага раёна.

Беларускае Радыё Рацыя