Выстава памяці аўтара тэксту песні «Ой бацька мой, Нёман»
У зале беларускай літаратуры (пам. 205) Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з 16 ліпеня па 19 верасня праходзіць юбілейная выстава “Памяць дарог”, прымеркаваная да 110-годдзя з дня нараджэння паэта і перакладчыка Анатоля Астрэйкі (1911–1978).
Анатоль (Акім Пятровіч) Астрэйка – адзін са старэйшых беларускіх паэтаў, які пакінуў пасля сябе значную творчую спадчыну. У цэнтры ўвагі паэзіі А. Астрэйкі – жыццё чалавека. Яго творам уласцівы задушэўнасць і спавядальная адкрытасць, цесная сувязь з фальклорам, напеўнасць. Яго вершы напісаны прачула, па-мастацку вобразна, шчыра, сардэчна. Вершы, якія пісаліся ад самога сэрца, ніколі не страцяць свайго адметнага гучання.
Раздзел “Паэзія пачуццяў” змяшчае шматлікія паэтычныя зборнікі аўтара, сярод якіх “Слава жыццю”, “Слуцкі пояс”, “Добры дзень”, “Бацька мой Нёман”, “Сэрца насцеж”, “Цвіціце, верасы!”, “Зямная Случчына”, “Ураджай цяпла” і іншыя, а таксама фельетоны “Чортава вакансія”, творы для дзяцей “Ёлка” і “Прыгоды дзеда Міхеда”, асобныя вершы ў калектыўных зборніках і перыядычных выданнях .
Лірычным вершам Анатоля Астрэйкі ўласцівы прастата, песеннасць. Невыпадкова многія шчырыя, мілагучныя творы паэта пакладзены на музыку. Нотныя выданні прадстаўлены ў раздзеле “З песняй па жыцці”.
“Шчодрасць паэта” – раздзел выстаўкі, які знаёміць з вершамі А. Астрэйкі, перакладзенымі на мовы свету, а таксама з яго перакладчыцкай дзейнасцю. Паэт-лірык вядомы як перакладчык на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх, польскіх, літоўскіх, малдаўскіх, узбекскіх пісьменнікаў.
Анатоль Астрэйка заўсёды быў сейбітам святла, шчырасці, любові да Радзімы. У раздзеле “Хараство пражытых дзён” экспануецца літаратура пра жыццё і творчасць пісьменніка.