Выстава плакатаў „Cześć Brześć” адкрылася ў Берасці



Выстава плакатаў „Cześć Brześć” адкрылася ў Берасці. Праект падрыхтавалі польскія студэнты і выкладчыкі з Акадэміі мастацтваў горада Катавіцы і прымеркавалі яго да 1000-годдзя Берасця.

„Што праўда, самі навучэнцы ніколі не былі ў горадзе над Бугам”, – кажа Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Берасці Пётр Казакевіч:

– Ведаеце, сёння ў свеце можна ўсё зрабіць. Праз інтэрнэт можна ўсё пабачыць, але нельга сустрэцца з людзьмі. Ядумаю, калі б яны сустрэліся з Берасцем, з жыхарамі раней, то мне здаецца працы былі б яшчэ лепшымі, але ўсё яшчэ перад намі.

„Cześć Brześć” можна пабачыць у выставачнай залі Берасцейскага грамадска-культурнага цэнтра на вуліцы Савецкай 54. Плакаты ад польскіх студэнтаў прысвечаныя гораду над Бугам прабудуць там да 11 жніўня. Выстава адбылася пры падтрымцы Генеральнага консульства Польшчы ў Берасці і з дапамогі Абласнога грамадска-культурнага цэнтра.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце