Выстава пра Якуба Коласа ў Вільні
Фотаздымкі з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа па мясцінах яго жыцця і творчасці прадстаўлены на выставе „Родны кут Песняра” ў Вільні.
У Літаратурным музеі А. Пушкіна адкрылася часовая экспазіцыя, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Аснову выставы складаюць фотаздымкі знакавых і прыгожых мясцін радзімы Коласа ў Стаўбцоўскім раёне Менскай вобласці, з вялікай любоўю апетых ім у сваіх творах. Там захаваны і адноўлены чатыры сядзібы, дзе жыла сям’я паэта. Яго „родны кут” Акінчыцы, дзе 3 лістапада 1882 года нарадзіўся будучы класік беларускай літаратуры, куткі дзяцінства і юнацтва – Ласток і Альбуць, Смольня, у якой Якуб Колас упершыню сустрэўся з Янкам Купалам. У 1972 годзе створаны Коласаўскі мемарыяльны заказнік, які аб’яднаў усе гэтыя мясціны.
Стаўбцоўска-наднёманскія пейзажы натхнялі паэта, запаўнялі душу лірычным настроем яднання з прыродай. Гэтыя віды дапамагаюць глыбей зразумець яго творчасць.
Значную частку жыцця класік правёў у сталіцы Беларусі, яго пасляваенная сядзіба стала мемарыяльным музеем. Памятныя мясціны Менска таксама трапілі ў фотааб’ектыў і прадстаўлены на выставе.