Выстава, прысвечаная 450-годдзю падпісання Люблінскай уніі
23 кастрычніка а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца часовая экспазіцыя «Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі», арганізаваная Польскім Інстытутам у Менску.
Выстава прысвечана 450-годдзю падпісання Люблінскай уніі – міжнароднага прававога акта, які паклаў пачатак дзяржаўнаму саюзу паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім – вядомаму як Рэч Паспалітая. Акт Люблінскай уніі заключаны ў 1569 годзе. Часовая экспазіцыя прадстаўляе дакладную гістарычную рэканструкцыю акта Люблінскай уніі са збору Музея гісторыі Польшчы. Выява аднайменнага твора Яна Матэйкі 1869 года, нібы пры дапамозе дапоўненай рэальнасці дазваляе зразумець гістарычныя рэаліі і акалічнасці падпісання старадаўняга дакумента. Арыгінал Акта Люблінскай уніі знаходзіцца ў калекцыі пергаментных дакументаў Галоўнага архіва старажытных дакументаў у Варшаве. Тэкст акта быў падрыхтаваны ў двух экзэмплярах, прызначаных для кожнага з бакоў – Кароны і Княства. Польскі асобнік, падпісаны дэпутатамі Польскай Кароны, які прызначаўся для Вялікага Княства Літоўскага, не захаваўся да нашых часоў. Існуючы акт уніі – гэта экзэмпляр Вялікага Княства Літоўскага. Ён зацверджаны пячаткамі сенатараў і дэпутатаў Вялікага Княства Літоўскага і быў прызначаны для Кароны. Арыгінал Акта Люблінскай уніі захаваўся ў адносна добрым стане, але ён не даступны шырокай грамадскасці. Гэта абумоўлена далікатнасцю артэфакта, спецыфічнымі патрабаваннямі да ўмоў яго экспанавання. Таму было прынята рашэнне аб стварэнні яго дакладнай гістарычнай рэканструкцыі – рэстаўрацыйнай копіі, якая паўтарала б матэрыялы і тэхналогію вырабу арыгінала. Праца над стварэннем гістарычнай рэканструкцыі дакумента заняла каля двух гадоў. У 2018 годзе Люблінская унія 1569 года была ўнесена ў Міжнародны рэестр ЮНЕСКА «Памяць свету» па захаванні сусветнай дакументальнай спадчыны. Дакумент быў прадстаўлены як сумесны запіс пяці краін – Польшчы, Літвы, Украіны, Беларусі і Латвіі.
Выстава працуе па 13 лістапада.
histmuseum.by